суббота, 7 октября 2017 г.

Дэнiэл з MORBID ANGEL: «Маімі першымі акордамі на гітары быў Віктар Цой»



Памяцi Рамана Сенькiна прысвячаецца …


Вітаю цябе з глыбінкі Беларусі, Дэніэл! Давай пачнём з невялікай інтрадукцыі. Ёсць інфармацыя, што ты выхадзец з СССР. Раскажы, калі ласка, дзе нарадзіўся, калі з’ехаў у ЗША, як наогул пражыў усе гэтыя гады і якім чынам стаў гітарыстам MORBID ANGEL?

Я нарадзіўся ў Ленінградзе і жыў там да падлеткавага ўзросту, хадзіў у Эрмітаж, а маімі першымі акордамі на гітары быў Віктар Цой. Трапіў у Амерыку акурат перад падзеннем Савецкага Саюза. Гэта была даволі сур’ёзная перамена. Цяжка было акліматызавацца ў амерыканскім грамадстве, асабліва адразу пасля заканчэння халоднай вайны. Мне прыйшлося хутка вучыць англійскую мову і старацца з усіх сіл, каб быць нароўні з другімі вучнямі. Багаценькія дзеткі не прымалі мяне, маімі сябрамі сталі адрынутыя металісты – так усё і пачалося.

У старэйшай школе я набыў сваю першую электрагітару, з гэтага ж часу пачаў іграць у бандах. Спачатку гэта быў у асноўным хард-рок, але хутка я быў пасвечаны ў музыку MORBID ANGEL і вырашыў навучыцца іграць у гэтым стылі. Я сустрэў Трэя шмат гадоў таму, і мы сталі сябрамі на падставе некаторых нашых сумесных інтарэсаў і любові да розных формаў мастацтва, мы разам працавалі над вобразнасцю, размаўлялі пра мноства разнапланавай музыкі, пра энергіі, што штурхаюць нас да творчасці.


Цікава і незвычайна адначасова. Пачынаць у Піцеры з песень Цоя пад акустыку і апынуцца ў Штатах у складзе піянераў цэлага эксперыментальнага жанру. Ты ўключаў Трэю песні Віктара Цоя? Што ён пра гэта думае? Восенню пад настрой я і сам слухаю КИНО – па ступені глыбіні, песімізму і змроку гэтая група часам не пакідае шансаў многім экстрэмальным бандам.

Так, КИНО незвычайны гурт, і мне сапраўды пашчасціла пазнаёміцца з іх творчасцю. Віктар быў арыгінальны. Ён памёр усяго праз некалькі месяцаў пасля майго ад’езду ў Штаты, гэта былі проста спусташальныя весткі. І я вырашыў быць верным музыцы і не спыняюся з таго часу. Трэю я КИНО не ўключаў, але ж ты падкінуў мне добрую ідэю. Цікава будзе пачуць яго меркаванне.


«Прабітыя» морбідаманьякі ведаюць, што ты даўно адказны за графічнае напаўненне афіцыйнага сайта, а таксама прынты на кашулях і мерчы групы. Ці прымаеш ты ўдзел у візуальным афармленні новага студыйнага опуса?

Апошнім часам у мяне не было магчымасці сканцэнтравацца на мастацкім афармленні, я быў надта заняты ігрой з групай. Але для новага альбома маляваў класны мастак, вельмі крэатыўны хлопец!

Калі Трэй Азагтот упершыню завёў размову з табой наконт таго, каб ты ўвайшоў у склад? Толькі дапамагаеш яму з канцэртамі як сесійны гітарыст ці ты таксама ўнёс свой уклад у стварэнне новых песень MORBID ANGEL на рэпетыцыях і ў студыі?

Мы шмат турылі разам і абмяркоўвалі розныя сцэнарыі, тэхнічна я ўжо даўно павінен быў іграць. Але канчатковае рашэнне, што я далучаюся да групы, мы прынялі прыблізна год таму, хоць у мяне і было яшчэ мноства незавершаных спраў, якія трэба было зрабіць, перш чым канчаткова ўліцца. Што датычыцца новага матэрыялу – Трэй складае ўсё на гітары. Я ўнёс некаторыя сола-партыі, але ўся музыка яго, усе рыфы. Ён асноўны гітарыст, і так і павінна быць дзеля аўтэнтычнасці гучання.


Ці паўплываў Трэй на твой падыход да музычнага інструмента? Магчыма, ты пачаў выкарыстоўваць з яго падачы новае абсталяванне ці эфекты, новую тэхніку ігры і да т.п.?

Трэй моцна паўплываў на мяне як гітарыст і артыст. Ён многаму навучыў мяне ў плане тэхнікі і майго падыходу да ігры на гітары ў цэлым. У мяне даволі просты тракт, амаль напрамую: дзве галавы JCM900, два кабінеты – JCM900 4x12 і JCM800 4x12, гук Маршала я міксую з дысторшнам Rat, таксама выкарыстоўваю працэсары Eventide і   TC Electronic, Флойд Роўз і, канешне, свой Morley Wah.


Я таксама заўсёды захапляўся неверагоднай тэхнікай Трэя і яго крэатыўным падыходам пры рабоце ў студыі. Мяркую, нас зноў чакаюць яго сола з выкарыстаннем вентылятара і да таго падобныя лайфхакі на новым запісе?

Канешне. А таксама ён выкарыстоўвае ўсё гэта на канцэртах, так што будзь упэўнены, што пабачыш усё яшчэ і ўжывую.

Табе прыйшлося пераехаць з Паўднёвай Караліны ў Фларыду дзеля супрацоўніцтва з «марбідамі», правільна?

З Паўднёвай Караліны ўсяго некалькі гадзін язды на машыне да Фларыды, на самалёце яшчэ менш, так што няма асаблівай неабходнасці ў пераездзе. Усе мы жывём у розных частках Злучаных Штатаў.


Зразумела... Я з натхненнем глядзеў ваша жывое выступленне ў Лос-Анджэлесе (16.06.2017г.) адразу пасля яго «рэліза» на YouTube. Як стары прыхільнік, які неаднаразова бачыў групу на канцэртах, выкажу сваё меркаванне: нарэшце MORBID ANGEL вярнуўся да сваіх андэграўндных каранёў, пазбавіўся гламуру і зноў выглядае як сапраўдная death metal банда! У вашым сэт-лісце песні, пра якія даўно можна было толькі марыць.

Правільна, таму і прыйшоў час вярнуць гэтыя выдатныя песні і зноў сыграць іх для фэнаў. Гэта цудоўна бачыць тых олдскульных фанатаў, што па-сапраўднаму разумеюць і цэняць эру альбомаў F-G-H, глядзець са сцэны, як яны праўдзіва адчуваюць музыку і вяртаюць гэтую энергію нам. У гэтай банды найлепшыя фэны ў свеце!



Ці доўга ты і новы драмер рэпеціравалі з Трэем і Стывам перад турам?

Мы ўсе сабраліся ў Фларыдзе на некалькі месяцаў і працавалі над песнямі. Гэта быў паступовы працэс адбору правільнага матэрыялу – і затым адточвання яго да дасканаласці. Як правіла, мы дапазна працавалі на кропцы, робячы толькі адзін выхадны ў тыдзень, але гэта быў выдатны час.


Ці можаш ты зараз дазволіць сабе не працаваць, а цалкам акунуцца ў творчасць, будучы ўдзельнікам «марбідоў»? Ці атрымліваецца аплачваць рахункі і выходзіць на самазабеспячэнне ў ЗША?

MORBID ANGEL гэта, безумоўна, сапраўдная праца. Мы катаемся ў выдатных туравых аўтобусах з прафесійнай дарожнай камандай. Мы добра сябе адчуваем, я не магу ні на што паскардзіцца.

«Быць паспяховым у групе», жывучы ў Беларусі, – гэта работа на другой рабоце! Музыкантам даводзіцца цалкам узвальваць на свае плечы ўсю адказнасць. У выніку, як правіла, група ператвараецца ў дарагое хобі. Няма гаворкі пра тое, каб мець сурёзны прыбытак ад гэтага хобі. Максімум для паспяховай беларускай экстрэмальнай групы – гэта напрацоўка статусу, фэн-базы і «выхад у нуль» у фінансавым плане.

Мне цяжка ўявіць, як выглядае раскрутка груп ва Усходняй Еўропе. Але тут на Захадзе мноства гуртоў робяць акурат тое ж самае, пра што ты гаворыш, і я захапляюся іх адданасцю.


Ну, у адрозненне ад ЗША, дзе ў андэграўндзе ўсё-такі даўно склалася клубная культура, дух прадпрымальніцтва, здаровая канкурэнцыя і эфектыўны менеджмент, у Беларусі ўсё гэта знаходзіцца ў зародкавым стане. Канцэртная дзейнасць рэгулюецца дзяржаўнымі органамі, якія прымаюць рашэнне, выдаваць ці не гастрольнае пасведчанне арганізатару канцэрта. Час ад часу адмяняюцца добрыя мерапрыемствы па чыімсьці рашэнні «зверху». Некаторыя гігі праходзяць, па сутнасці, нелегальна, на страх і рызыку прамоўтара. Другая частая праблема тут – жудасны гук на канцэртах з-за непрыстасаванасці пляцовак і адсутнасці культуры гукарэжысуры як такой. Што думаеш пра ўсё гэта? Ты наогул чуў якія-небудзь банды з нашага рэгіёна?

Не магу сказаць, што добра ведаю метал-сцэну вашых краёў. Я ўжо даўно не жыву ў Еўропе, і, шчыра кажучы, мы не шмат пра яе чуем тут на Захадзе, у прыватнасці, што тычыцца экстрэмальнай музыкі. Але ж гучыць вельмі недарэчна пра неабходнасць адабрэнняў «зверху», гэта нейкі неадэкват. Па-мойму, самы час пачаць пераасэнсоўваць дурацкія клішэ і ўвесь гэты стары савецкі менталітэт, асабліва адносіны да заходніх груп, што прыязджаюць выступаць. Упэўнены, ты бачыў відэа з гэтымі ненармальнымі праваслаўнымі фрыкамі ў аэрапортах, што пратэстуюць супраць нашай сатанінскай «хваробы». Гэта неадэкватна і смехатворна.

Дарэчы, цана білета на клубны канцэрт знакамітай прывазной групы ў нас у 2-3 разы вышэй у эквіваленце, чым у вас. Пры непараўнальным узроўні жыцця і зарплаты. Купляючы білет у Беларусі, звычайна ўдзельнічаеш у латэрэі – нармальны гук рэгулярна адсутнічае як такі. Некаторыя ўладальнікі клубаў і канцэртныя прамоўтары не замарочваюцца і кажуць штосьці накшталт: «Скажыце дзякуй ужо за тое, што ў вас ёсць магчымасць убачыць (але не пачуць!) любімыя групы». Лічу, што гэта абсурд.

Згодзен, сапраўдны абсурд.


Зменім тэму... Ведаеш, я і мае сябры былі шчыра здзіўлены навіной, што Дэвід Вінсент сабраў свой склад і адхапіў сабе для I AM MORBID традыцыйны рэпертуар. Гэта быў свайго кшталту разрыў шаблону. Ці азначае гэта, што MORBID ANGEL больш не будзе выконваць песні з альбомаў 1989, 1991, 1993 і 1995 гадоў да сканчэння нейкіх судовых разбораў з Вінсентам?

Не! Канешне, мы будзем іграць стары матэрыял зноў, але на дадзены момант нам вельмі хочацца выцягнуць тыя песні, якія банда проста не мела шансу іграць гадамі. Фэны пачуюць песні з перыяду A-B-C зноў, гурт валодае ўсім сваім матэрыялам. Я ўпэўнены, што аўдыторыя ёсць і ў Пола ДыАна і Себасцьяна Баха, калі яны выконваюць свае старыя песні, але гэта не азначае, што яны частка IRON MAIDEN або SKID ROW. Калі многія людзі хочуць бачыць выступленні Дэвіда, то гэта файна.

Гэта добрая навіна, бо ў адрозненне ад поп-музыкі ў death metal падобныя расклады выглядалі б несамавіта. Напрыклад, уяўляю сабе выступленне MORBID ANGEL, які іграе класіку, у адной абойме з I AM MORBID на якім-небудзь буйным фестывалі... Як мінімум, гэта было б дзіўнай з’явай. І, верагодна, стварыла б праблемы для кожнага з «морбід»-праектаў, для арганізатараў шоу, для фэнаў спадчыны. Хаця гэта ўсяго толькі маё асабістае меркаванне.

Гэта не мае праблемы, бо я не займаюся букінгам. Асабіста мне ўсё роўна, і я б паглядзеў на іх выступленне. Але ў рэшце рэшт ёсць толькі адзін MORBID ANGEL.


Дарэчы, ужо запісаны ў студыі Эрыка Рутана новы альбом MORBID ANGEL бліжэй да F-G-H этапу ў кар’еры банды?

Новы альбом будзе на літару K. Альбомам на J быў LP з жывым выступленнем, які Earache выпусціў некалькі гадоў таму пад назвай Juvenalia. Што да ўсяго астатняга, то няхай кожны проста атрымае свой экзэмпляр новага дыска і сам зробіць высновы.

Паколькі я аддаю перавагу добраму гуку з паўнавартасным дынамічным дыяпазонам, то спытаю ў цябе вось пра што: ці плануецца для K-альбома афіцыйны лічбавы Hi Res-рэліз?

Насамрэч не магу нічога сказаць наконт запланаванага рэліза і фарматаў для пампавання. Гэтае пытанне лепш адрасаваць містару Рутану ці нашаму менеджменту. Мая роля – іграць на гітары.

Што ж, раз усё так таямніча, то пачакаем і хутка даведаемся пра ўсё з навін. Слухай, Дэніэл, а на якой апаратуры ты сам слухаеш музыку дома?

Я даволі асцярожны ў плане таго, як і калі слухаць музыку, па-першае таму, што яна мае тэндэнцыю пагружаць мяне ў пэўны душэўна-разумовы стан. У мяне няма наварочанага стэрэа або вялікай калекцыі альбомаў. У прыярытэце для мяне заўсёды было тое, што я сам магу іграць і што магу ствараць, а не пакланенне мастацтву іншых. Калі мне трэба ўважліва паслухаць штосьці, напрыклад, каб разабраць гэта, я проста бяру добрыя навушнікі з разборлівым гукам.


Яшчэ трохі справачнай інфармацыі для фанатаў. Раней ты быў заняты ў сваёй уласнай групе VadimVon. Альбомы выходзілі абмежаванымі тыражамі. Наўрад ці тыя беларусы, што будуць чытаць гэтае інтэрв’ю, чулі матэрыял...

Шчыра сказаць, зараз у мяне няма часу для праекта. Гэта было тое, што я рабіў самастойна, пару хлопцаў таксама дапамагалі мне выступаць у турах. Упэўнены, штосьці з гэтай музыкі можна знайсці анлайн.


У 2014 годзе ты працаваў разам з Чакам Молам (DARK FUNERAL) і Дэстрактарам (MYRKSKOG) над поўнафарматным альбомам, названым Lay Curse Upon Thy Flesh, які планавалася выпусціць летам таго ж года. Які лёс гэтага запісу?

Чак мой добры сябар, і мы разам працавалі над некаторым дагэтуль не рэалізаваным матэрыялам. Ці будзе гэта выпушчана як VadimVon, ці як іншы праект, я пакуль не ведаю, мы разам павінны вырашыць.

Карацей, зразумела тое, што на час удзелу ў MORBID ANGEL праект замарожваецца. Добра, пакінем гэтую тэму. Раскажы пра групы ці пра канкрэтныя альбомы, якія натхнялі цябе ў мінулым і ўсё яшчэ здатныя ўзбадзёрыць сёння?

Я ўвабраў уплывы розных груп і артыстаў. Моцна паўплываў на мяне Appetite for Destruction (GUNS N` ROSES), калі ў мяне з’явілася першая электрагітара ў 8-м класе. Я бачыў PANTERA падчас іх тура з Vulgar Display of Power і вельмі захапляўся тэхнікай Дайма. Неўзабаве пасля гэтага я пабачыў прэм’еру «Rapture» MORBID ANGEL, набыў і палюбіў гэты альбом. Таксама Individual Thought Patterns DEATH меў значны ўплыў у той час. Заўсёды вельмі паважаў Ёна і яго банду DISSECTION. Але я ніколі не абмяжоўваў сябе толькі металам. На мяне таксама аказалі ўплыў такія артысты, як Кёрціс Мэйфілд, Фрэнк Марына, THE ISLEY BROTHERS, Джымі Хендрыкс і многа іншых.


Распавядзеш пра сваё захапленне міфалогіяй і дэманалогіяй у кантэксце KhaosArt?

У KhaosART я раблю ілюстрацыі для розных гуртоў, і гэта мае мала агульнага з маімі персанальнымі вераваннямі ці захапленнем дэманалогіяй і эзатэрыкай. Гэта цалкам іншая лінія майго асабістага даследавання, якую я б лічыў за лепшае пакінуць пры сабе.

У мяне, дарэчы, ёсць лонгсліў з тваім прынтам, на якім намалявана Гаруда, класная рэч!

Крута, гэта адна са старых.


Ці ёсць у цябе планы па выпуску новай лінейкі забойнага мерчу для банды?

Зараз у нас мноства маіх новых афармленняў, якія можна набыць падчас тураў, новыя дызайны рэальна адрозніваюцца ад астатніх. World Beater, Experiments, чырвоная і блакітная Inanna – сапраўды крутыя. Зараз я не раблю іх так многа, як звычайна, але, вядома, пры аказіі спрабую зрабіць пару крутых рэчаў. Таксама мы з Трэем зрабілі мноства кастамных кашуль балончыкамі з фарбай падчас тура, і яны таксама прыйшліся фэнам даспадобы.


Дэніэл, дзякую табе за адсутнасць пафасу і за тое, што знайшоў час для гэтага інтэрв’ю. Віншую з нядаўнім кантрактам з Caparison Guitars, гэта добрыя інструменты! Ну і перад фінальнымі цітрамі мне застаецца толькі пажадаць, каб новая інкарнацыя MORBID ANGEL аднавіла рэпутацыю банды ў вачах старых фанатаў, выдаўшы на суд маналітны кавалак сапраўднага death metal, без заляцанняў з дыскатэчнымі рытмамі і іншай «занадта экстрэмальнай» хрэнню! Hail and Kill!

Дзякуй! Спадзяюся ўбачыць цябе падчас тура. Прывітанні ўсім фэнам найвялікшай групы ў дэс-метале!

воскресенье, 3 сентября 2017 г.

Майк з NEOCAESAR: «Мы былі адказнымі за стары саўнд SINISTER»




  
Вітаю цябе з глыбінкі Беларусі, Майк! Я быў вельмі рады пачуць пра з’яўленне рэліза ў твайго новага гурта NEOCAESAR. Мяне прыемна здзівіла, што той самы Майк, ад тлустага і артыкуляванага вакалу каторага фанацелі многія death metal аматары і вакалісты груп у пачатку – сярэдзіне 90-х, зноў вярнуўся да справы.

Вітаю! Дзякуй за кампліменты. Гэта вельмі файна вярнуцца!

Распавядзі, чым ты займаўся ўсе гэтыя доўгія гады пасля сыходу з SINISTER і HOUWITSER. Калі і чаму ты вырашыў актыўна ўліцца ў death metal андэграўнд зноў?

Пасля сыходу з HOUWITSER у мяне быў перапынак. Але я пачынаў з іншымі бандамі, такімі як DEATH SQUAD і DIVISION666. Мы нават адыгралі некалькі канцэртаў. Але гэта быў не той узровень, да якога я прывык, а некаторыя музыканты былі вельмі зацыкленыя на сабе, так што ўсё гэта нічым не скончылася.


Падаецца, што ў складзе NEOCAESAR мы не знойдзем выпадковых людзей. Кожны ўдзельнік NEOCAESAR аднойчы праходзіў стажыроўку ў SINISTER. Калі слухаю дыск NEOCAESAR, то сам успрымаю яго як лагічны працяг і пашыраную версію «старога SINISTER», які закончыўся на EP Bastards Saints. Так гэта ці не, але таксама я знайшоў на вашым альбоме кач, выдатныя інструменталы, песню тыпу «Valhalla Rising», дзе ты закранаеш паўночную тэматыку. Што адрознівае работу над песнямі NEOCAESAR ад таго, што вы рабілі раней у SINISTER і іншых праектах?

Па-першае, я б не назваў гэта словам «стажыроўка», асабліва што тычыцца Барта і мяне. Акурат мы былі адказнымі за стары саўнд SINISTER. Пасля Bastard Saints непасуючы ўдзельнік быў заменены на Эрыка. Гаворачы пра мае тэксты, лірыка для HOUWITSER цалкам адрозніваецца ад таго, што я звычайна пішу. І гэта было абдуманым рашэннем, бо я не хацеў капіраваць самога сябе. Тэксты ж NEOCAESAR – традыцыйныя для мяне і з’яўляюцца працягам маёй SINISTER-эры. Як ты адзначыў, тут ёсць такая песня, як «Valhalla Rising», яна іншая, але мае такую ж змрочную атмасферу, што і астатнія. Калі ты прагартаеш буклет і прагледзіш іншыя тэксты, то ўбачыш, што «Valhalla» з імі цалкам у адным ключы. У старых рэлігіях шмат падобных адна на адну гісторый, магчыма, толькі распаведзеных па-іншаму. Калі чытаеш між радкоў, то бачыш, што ўсё гэта адна і тая ж гісторыя.


Мяркую, вашы паўночныя метал-браты з вартасцю ацэняць твае адсылкі да Скандынаўскай міфалогіі ў бліжэйшым скандынаўскім турнэ. Чытаючы твае тэксты часоў спрадвечнага SINISTER і сённяшняга NEOCAESAR, я заўважыў тваю любоў да Хаосу і Лаўкрафта, Кроўлі, шумераў, дэманалогіі і энахіянскіх тэм. Так, канешне, у пачатку 90-х у вас таксама часткова былі і традыцыйныя death metal тэмы пра расчлянёнку і вычварэнні, якія, верагодна, былі навеяны раннімі CANNIBAL CORPSE і г.д.

Мае тэксты не былі інспіраваны CANNIBAL CORPSE або DEATH. Я люблю гэтыя банды, але маё натхненне ішло з фільмаў і кніг. Таму што не было інтэрнэту ў тыя часы.


О, так, я памятаю тыя часы без чортавага інтэрнэту вельмі добра! Пірацкія копіі касет былі адзіным шляхам пачуць штосьці новае на маёй тэрыторыі. І яшчэ, напрыклад, ты мог замовіць майку SUFFOCATION, намаляваную ад рукі, так! Знаёмствы і пошук музыкантаў праз аб’вы ў газетах... Акрамя таго, мы куплялі тэксты песен, раздрукаваныя на матрычным прынтары, таму што CD былі недасягальнымі для нас, яны былі занадта дарагімі для звычайнага металіста з Беларусі.

Старыя дзянькі былі вельмі крутымі. У нашым раёне было мора гуртоў. Процьма клубаў, дзе ігралі метал-банды. Гурты кшталту DEATH і MORBID ANGEL ігралі па 10 канцэртаў у адной толькі Галандыі. Былі абмены касетамі. Я наведваў мноства канцэртаў, іграў сам на такім жа мностве. Не было мабільных тэлефонаў. Зараз жыццё добрае таксама. Я старэйшы і, канешне, былі і змены. Жыццё больш не круціцца вакол аднаго металу. Гэта велізарная частка майго жыцця, але мае дзеці зараз на першым месцы. Магчыма, андэграўнд быў мацнейшы. Але зараз Метал нашмат большы. Існуе інтэрнэт, які робіць сувязь і камунікацыю з усім светам лягчэйшымі. Свет мяняецца, тое ж адбываецца і з метал-сцэнай.


А ці ёсць тэмы, якія ты пакуль яшчэ не выкарыстоўваў, але каторыя абавязкова плануеш у будучыні ўкараніць у NEOCAESAR? Раскажы пра гэта падрабязней... Пра старыя/новыя часы і актуальныя тэмы для цябе. Якую кнігу ты чытаеш (ці перачытваеш) зараз?

Што мяне найбольш цікавіць, гэта знайсці сувязь у плыні гісторыі, сувязь паміж мінулым і будучым. Я спрабую спазнаць большую карціну, звязваючы малыя яе часткі. Гэта збольшага даследаванне. Тут такія пытанні, як сувязь паміж старажытнымі прышэльцамі і паходжаннем чалавека, старажытныя астранаўты – гэта падарожнікі ў часе ці прыхадні з іншых светаў, ці старажытныя багі – гэта веліканы, што жылі на зямлі, ці мы – усяго толькі ветраны пыл або міжзорная форма існавання. Як гэта ўсё растлумачыць і звязаць між сабой? Канешне, у мяне ёсць некаторыя свае адказы. Але я шукаю іншыя фрагменты, якія з’яўляюцца часткамі вялікага пазла. Наогул, зараз я не працую над новымі тэкстамі, але мае даследаванні могуць натхніць на іх. У дадзены момант я пераглядаю «Старажытныя веды» («Ancient Knowledge») на YouTube. Вельмі рэкамендую! А таксама чытаю «Кнігу Закону» Алістэра Кроўлі.

Крыху змененую гептаграму з вокладкі альбома NEOCAESAR я ўпершыню ўбачыў як раз у «Магіі ў тэорыі і практыцы» містара Кроўлі, якую я набыў сабе каля 20 гадоў таму. Добра памятаю, што на альбоме Hate у цябе была песня «To Mega Therion», дзе ты відавочна цытаваў «Закон Волі». Ведаеш, у свой час я перачытаў шмат Кроўлі, у мяне ў бібліятэцы мноства яго папяровых кніг. Але сёння я аддаю перавагу моцным энергетычным практыкам кшталту Хатха Ёгі, а таксама «Ёга-Сутрам» Патанджалі і мноству іншых старых аўтэнтычных тэкстаў. Ці ты маеш зараз усё такое ж магутнае натхненне з Тэлемы?

Гептаграма, пра якую ты расказваеш, гэта Sigillum Dei Aemeth, але ж на нашай вокладцы іншая. Наша гептаграма не азначае бог або адзін бог. Яна шматзначная, і ў тым ліку ў ёй зашыфраваны коды Сусвету. Яна можа выкарыстоўвацца як інструмент мудрасці. Нават калі ты не практыкуеш акультызм ці кіраўніцтва энергіямі, гэты знак можа падштурхнуць цябе адправіцца на пошукі значэнняў імён і сімвалаў. Вось чаму тут гэтыя камбінацыі. Яны могуць накіраваць цябе, каб знайсці новыя часткі пазла. Даследуй і адкрывай сябе для новых магчымасцей.


Так ці інакш, я ў захапленні ад вашага ваяўнічага драйву. Гэта хітовы матэрыял, разнапланавы і запамінальны. Без усякіх сумненняў. Яшчэ раз прымай мае шчырыя віншаванні!

Зноў вялікі дзякуй!


SINISTER аднойчы іграў у Беларусі. Гэта было ў 2002 годзе, я прысутнічаў на канцэрце. За мікрафонам у той вечар была Рэйчал, якая з’яўляецца тваёй жонкай. Для нас было незвычайна ўбачыць дзяўчыну-фронтмена death metal групы. Упэўнены, што яна штосьці расказвала табе пра гэты тур. Напрыклад, пра тое, што ў Беларусі прыгожая прырода і добрая падтрымка на канцэртах (пры карэктнай прома-рабоце, канешне). Ці існуе шанс аднойчы убачыць тут NEOCAESAR?

Калі будзе прапанова адыграць у Беларусі, то я цалкам за. Буду з нецярпеннем чакаць візіту ў тваю краіну!


Якое ўражанне ты маеш пра Беларусь, зыходзячы з расказаў сяброў, навін у СМІ? Нашу краіну часта дэманізуюць з-за прэзідэнта-«гамафоба», жорсткай палітыкі, цеснай сувязі з Расіяй, з якой мы юрыдычна знаходзімся ў палітычным саюзе, а таксама ў адзіным ваенным блоку. А таксама ў нас вельмі жорсткае заканадаўства ў адносінах да наркотыкаў і псіхатропаў: чалавека могуць кінуць у турму на 8 гадоў, калі міліцыя знойдзе пакецік марыхуаны ў кішэні... Ты дакладна не баішся ехаць да нас?

Я не палахлівы. І я не цікаўлюся палітыкай. Я наогул перастаў глядзець навіны і чытаць газеты з пачатку гэтага года. Яны вяшчаюць толькі са свайго пункту гледжання. Усе рэпартажы толькі пра негатыўныя рэчы. А негатыўная праекцыя не дапамагае мне. Гэта зацямняе маё бачанне праўды. Так што я адключыўся ад усяго гэтага і сканцэнтраваўся выключна на сабе і сваіх інтарэсах. Усё так жа жадаю наведаць тваю краіну.


Твае старыя партнёры па рэкард-лэйблах не былі задзейнічаны пры выпуску альбома. Хаця, як я бачыў, CD распаўсюджваецца праз мэйлордар Nuclear Blast. Высокапрафесійны death metal, прадстаўлены на альбоме 11:11, рэалізаваны ўласнымі сіламі групы NEOCAESAR, усё правільна разумею?

Так, альбом на 100% зроблены самімі NEOCAESAR. Запіс, прадзюсіраванне і мастэрынг зрабіў наш гітарыст Барт. У выніку мы маем альбом, гук якога менавіта такі, як мы хацелі, і адпавядае таму, хто мы ёсць. Калі ты прыйдзеш на нашы канцэрты, ты атрымаеш менавіта гэты саўнд. На дадзены момант дыстрыбуцыя ідзе праз Nuclear Blast, але мы вядзём перамовы з рэкард-кампаніяй наконт сусветнай дыстрыбуцыі.


Колькі копій CD было надрукавана?

На дадзены момант 500. Але мы працуем над пагадненнем, так што на рынку ў выніку будзе больш копій.

Здаецца, гэта твой першы вопыт удзелу ў DIY-групе. Я думаю, што пачынаць з нуля ў канцы 2010-х, будучы ў сталым узросце і выхоўваючы дваіх дзяцей, няпроста. Якія твае ўражанні ад вынікаў, якіх вы дасягнулі з NEOCAESAR, будучы незалежнай бандай?

Ты маеш рацыю, гадаваць дзяцей нялёгкая справа, але ж у гэтым шмат пазітыву. Мой старэйшы сын нават сказаў мне сёння, што любіць маю музыку больш за SLAYER. Гэта вельмі добрыя кампліменты, асабліва ад майго сына. Вынікі для NEOCAESAR выдатныя. Мы іграем канцэрты, атрымліваючы неверагодную аддачу. Ёсць фэны, якія стараюцца прыходзіць на ўсе нашы канцэрты. Мы атрымліваем вельмі добрыя рэцэнзіі на альбом з усяго свету. І мы зрабілі страшэнна круты запіс. Канешне, мы жадаем большага, але я ганаруся і тым, чаго мы ўжо дасягнулі.

Ха-ха, калі гэта не сакрэт... якія альбомы з яго CD і вінілавай калекцыі татачка Майк дазваляе слухаць сваім дзецям?

Калі мае дзеці слухаюць метал, то аддаюць перавагу SLAYER і NEOCAESAR. Але яны маладыя хлопцы і ім самім неабходна даследаваць музыку і набірацца вопыту. Калі гэта прывядзе іх да таго, каб быць металхэдам, то я буду толькі шчаслівы.


Распавядзі падрабязна пра агульную канцэпцыю альбома, яго тэксты і сімвалы, якія выкарыстаны пры афармленні буклета. І я спадзяюся, што «11:11» ніяк не звязана з гульнёй галандскай зборнай па футболе сёння (гэта жарт, канешне)? 

Хэх, зараз наша нацыянальная каманда гэта і ёсць жарт. Мая любімая каманда – нацыянальны чэмпіён, і гэта самае важнае. Гаворачы пра лірыку і сімвалізм нашага CD. Назва «11:11» азначае новы пачатак, чым з’яўляецца NEOCAESAR для нас чатырох. «11:11» гэта таксама лік вышэйшай паслядоўнасці, ён азначае больш высокі палёт свядомасці, гэта лік сінхраністычнасці. Падключэнне да іншых вымярэнняў. Калі паглыбляцца, то знойдзеш мноства тлумачэнняў. Нам падабаецца сувязь гэтай назвы з нашай музыкай і тым, як яна была напісана, гэта лунала ў паветры ўвесь час. «11:11» было паўсюль, так што відавочна стала назвай. Афармленне азначае кантроль над сілай і хаосам. Як ты можаш бачыць, кожны з нас мае ўласны сімвал. Усе яны – розныя рэпрэзентацыі хаосу. Злучы іх разам – і гэта спародзіць неверагодную сілу. Знак на вокладцы – тварэнне старажытных часоў. Запусціць яго аднаму немагчыма, толькі згуртаваннем. Бо ён раскручвае моц тварэння, сілы хаосу, адраджае старажытныя вобразы. NEOCAESAR і з’яўляецца згуртаваннем, пунктам уваходу і разгону. Тэксты сугучныя афармленню і дапамагаюць лепш усвядоміць гэтыя сілы. Некаторыя вобразы – якія маглі б узнікнуць, другія – ідуць з цёмнага мінулага, а трэція – будуць імпульсам у будучым.


Аўтарства тэкстаў цалкам на тваіх плячах ці яно калектыўнае? Якія кнігі, фільмы, музыка, штодзённыя падзеі натхняюць цябе ў канцы 2010-х на напісанне лірыкі для death metal на такія змрочныя тэмы?

Усе тэксты мае. Натхненне для іх я бяру ў паўсядзённым жыцці, у тым, што я чытаю, калі шукаю адказы на невядомае, маіх мроях і акультных тэкстах. Мая лірыка – гэта гісторыі, што параджаюць усведамленне. Часамі ты павінен спыніцца і паглядзець, што адбываецца навокал. Малыя рэчы, але ў той жа час і агульная карціна. Большаць інфармацыі схаваная ад нас рэлігіямі або проста імкненнем кантраляваць людзей. Некаторыя рэчы згубіліся за бегам часу. Гэта вельмі вялікі пазл, складзены з драбнюткіх кавалачкаў. Асабіста я збіраю гэтыя часткі шляхам атрымання інфармацыі з інтэрнэту, YouTube і кніг.


А як наконт Антарктыды і прэадамітаў, тэорыі плоскай Зямлі, неіснуючай Аўстраліі, фэйкавых касмічных праграм NASA і іншых тэм, якія зараз эксплуатуюць прыхільнікі альтэрнатыўнага падыходу? Ці цікавішся ты падобнай тэматыкай у вольны час?

А што наконт Антарктыды? Некаторыя з гэтых тэм цікавыя. Але калі ты верыш у плоскую Зямлю, ты ўсё яшчэ жывеш у Сярэднявеччы. У інтэрнэце вельмі шмат усялякага лайна. Трэба спачатку добра пакапацца, каб знайсці сапраўды актуальныя цікавыя матэрыялы.


Наконт Антарктыды? Пачытай пра дастаўку Каўчэга Габрыэля з Саудаўскай Аравіі ў Антарктыду рускай ваеннай экспедыцыяй. Гэта рэальна круцей, чым любыя дурылкi для мазгоў кшталту «Кода да Вінчы», Майк!

Гэта тэорыя змовы. Яна спараджае больш пытанняў, чым адказаў: што гэта за артэфакт, як ён працуе? Палітычна Саудаўская Аравія саюзнік ЗША, не Расіі дакладна. Гэта можна ўбачыць у Сірыі. Але мноства рэчаў адбываецца па-за нашым зрокам. Адны і тыя ж групоўкі кантралююць сусветную палітыку і грашовыя патокі, гэтак жа як і ўсе сапраўды важныя рэчы, старажытныя артэфакты і г.д. Артэфакт быў знойдзены ў Мецы. Наконт Меккі. Ты калі-небудзь бачыў шторм у выглядзе шасцікутніка на Сатурне? У сярэдзіне ты бачыш куб. А зараз паглядзі на мячэць у Мецы, куды сцякаюцца мусульмане з усяго свету. У цэнтры таксама куб. Паглядзі, што носяць артадаксальныя габрэі на галовах. І гэтак далей і гэтак далей. Чаму ўлады не даюць грошай на раскопкі схаваных пірамід, што знаходзяцца ў сутарэннях пад Сфінксам, піраміды ў Алясцы, базы Дульчэ? Як месапатамцы ведалі пра іншыя планеты нашай галактыкі? Ёсць так шмат пытанняў, на якія патрабуюцца адказы. Усё гэта частачкі вялікай мазаікі.


Як глыбока ты дазваляеш сабе ўлівацца ў тыя тэмы, якія ўпускаеш у сваю душу ў death metal гурце? Ці займаешся ты якімісьці эзатэрычнымі практыкамі кшталту медытацыі, ёгі? Ці не «перагружаецца» мозг і твая псіхаэнергетычная сістэма ад празмернасці «цёмнай матэрыі», звязанай з гневам, нянавісцю і ўсім гэтым цемрашальствам?

Калі ты практыкуеш любую форму медытацыі, ты перш-наперш павінен навучыцца засцерагаць сябе. Праца з энергіяй патрабуе часу і трываласці. Не ўсе мае медытацыі маюць змрочную накіраванасць. Яны таксама прыводзяць мяне ў розныя месцы, вучаць розным рэчам, даюць мне энергію і раўнавагу. Але праз іх таксама прыходзяць і вобразы з цёмных бакоў.


Галандская сцэна сёння. Якое тваё меркаванне пра гурты, што твая краіна ў наш час экспартуе на міжнародную метал-сцэну?

Сцэна цалкам ОК, ёсць добрыя гурты. Але ж яна не такая моцная, як у славутыя часы PESTILENCE і SINISTER.


У пачатку – сярэдзіне 90-х мы ў Беларусі слухалі значную колькасць добрых гуртоў з Нідэрландаў. Сёння літаральна трохі галандскіх банд грыміць з акустычных сістэм нашых металхэдаў. Гэтым інтэрв’ю я хацеў бы паставіць мэту прыцягнуць эксклюзіўную ўвагу маньякаў на NEOCAESAR! На тваю думку... Улічваючы сучасны статус і папулярнасць death metal у Еўропе, як шмат альбомаў вы запішаце з NEOCAESAR, каб парадаваць фанатаў галандскага death metal саўнду?

На гэтае пытанне не можа быць канкрэтнага адказу. Мы працуем над другім альбомам. Але я не ведаю, ці запішам мы чацвёрты альбом, шосты... Спадзяюся на гэта. NEOCAESAR – гэта цвёрдая групоўка сяброў. У нас няма нейкай выразнай мэты. Мы проста хочам іграць як мага больш шоу і пісаць новую музыку, бо гэта тое, чым мы любім займацца.

Майк, дай нам свой асабісты топ-10 любімых музычных альбомаў на ўсе часы.

Гэта вельмі складана, бо для гэтага трэба прашарсціць 40 гадоў музыкі. Для мяне любімы альбом – той альбом, які б я ўстаўляў у свой CD-плэер і не жадаў даставаць, круцячы ўвесь час на паўторы. Кожная песня на такім альбоме павінна быць выдатнай. Вось мой топ-10, але варта было б уключыць сюды яшчэ больш альбомаў MORBID ANGEL, а таксама дадаць TESTAMENT, DARK ANGEL, CANNIBAL CORPSE, DEICIDE і SUFFOCATION. У адвольным парадку: Altars of Madness (MORBID ANGEL), Reign in Blood (SLAYER), Master of Puppets (METALLICA), Doomsday for the Deceiver (FLOTSAM AND JETSAM), Left Hand Path (ENTOMBED), Superunknown (SOUNDGARDEN), Slaughter of the Soul (AT THE GATES), Nightmares Made Flesh (CRYPTOPSY), Mark of the Legion (DEEDS OF FLESH), Forbidden Evil (FORBIDDEN).


Добры спіс, Майк! Дзякуй табе за твой час і за інтэрв’ю. Жадаю поспеху тваёй бандзе, ваш альбом проста дае пад сраку!

P.S. Дарэчы, пакуль я рабіў інтэрв’ю, перачытваў твае старыя тэксты пра ўсе гэтыя змрочныя пілоны і злавесныя «бародаўкі»... Пад уражаннем ад тваіх опусаў мне прысніўся сон, што адзін з маіх знаёмых – гітарыст беларускай death metal банды – запрасіў мяне на дзень нараджэння. Што за херня! Мы расчлянялі тушы нейкіх дзіўных стварэнняў у стылі Лаўкрафта – напалову грыбоў, напалову васьміногаў – гатуючы стравы на стол для гасцей. Гэта быў адназначна вынік пагружэння мяне ў тваю цемрашальскую лірыку з альбомаў Cross the Styx і Diabolical Summoning, чэл!

Дзякуй за гэтае цікавае інтэрв’ю! Усім металхэдам – зацаніце наш новы альбом 11:11! Спадзяюся аднойчы адыграць у вашай краіне!